ХІМІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

тэрмадынамічная функцыя стану, якая вызначае змену тэрмадынамічных патэнцыялаў пры змене колькасці часціц у сістэме. Вызначаецца як прырашчэнне адвольнага патэнцыялу тэрмадынамічнага пры павелічэнні на 1 моль колькасці рэчыва пэўнай кампаненты сістэмы пры пастаянных астатніх параметрах стану. Уведзены Дж.У.Гібсам (1875) пры разглядзе хім. раўнавагі ў шматкампанентных сістэмах (адсюль назва).

Дазваляе сфармуляваць умовы раўнавагі тэрмадынамічнай, адна з якіх — Х.п. дадзенай кампаненты аднолькавы ў розных фазах і ў розных месцах адной фазы. Адсюль вынікае, што ў гетэрагенных сістэмах магчымы самаадвольны пераход толькі з фазы з большым Х.п. у фазу з меншым Х.п. Калі ўмовы раўнавагі Х.п. парушаюцца, у сістэме ўзнікае асматычны ціск. Як нарміровачная пастаянная Х.п. уваходзіць у размеркаванні Больцмана, Бозе—Эйнштэйна, Гібса, Фермі—Дзірака і інш. Для выраджанага газу электронаў (фермі-газу) Х.п. тоесна супадае з фермі энергіяй (у паўправадніках — з фермі ўзроўнем). Х.п. выкарыстоўваецца для апісання ўласцівасцей сістэм з пераменным лікам часціц, напр., дзе адбываюцца хім. рэакцыі, фазавыя пераходы, іанізацыя, растварэнне.

П.​С.​Габец.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)